САН-ФРАНЦЫ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,

устаноўчая канферэнцыя 50 дзяржаў па заснаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Адбылася 25.4—26.6.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША). Склікана паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 аб стварэнні ўсеагульнай міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі. Запрашэнні на С.-Ф.к. накіраваны ад імя ўрадаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая ўрадам 42 дзяржаў, якія падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый ад 1.1.1942 ці далучыліся да яе потым і абвясцілі вайну краінам фаш. блока да 1.3.1945. Адсутнасць сярод запрошаных БССР і УССР стала прадметам рознагалоссяў паміж СССР і яго зах. саюзнікамі (ЗША і Вялікабрытаніяй). Пад націскам нар. камісара замежных спраў СССР В.​М.​Молатава зах. дзяржавы пагадзіліся з сав. патрабаваннем. 27.4.1945 на 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый (Кіруючага к-та) па прапанове кіраўніка дэлегацыі СССР Молатава ў парадак дня С.-Ф.к. аднагалосна ўключана пытанне пра запрашэнне БССР і УССР. Пасля падтрымкі сав. прапановы кіраўнікамі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі канферэнцыя аднагалосна (47 галасамі) прыняла пастанову пра ўключэнне БССР і УССР у лік першапачатковых членаў арг-цыі. 30.4.1945 пленарнае пасяджэнне С.-Ф.к. зноў аднагалосна прыняло рашэнне пра запрашэнне дэлегацый БССР і УССР. У той жа дзень на канферэнцыю запрошаны ўрад Аргенціны, а 5.6.1945 — Даніі. Па патрабаванні дэлегацыі СССР С.-Ф.к. вырашыла лічыць членам-заснавальнікам ААН і Польшчу (падпісала Статут ААН у канцы 1945). 1.5.1945 ген. сакратар канферэнцыі А.​Хіс паслаў з Вашынгтона ў Мінск запрашальную тэлеграму наркому замежных спраў БССР К.​В.​Кісялёву.

30.4.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР прызначыў бел. дэлегацыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік), Г.​І.​Байдакова, А.​Р.​Жэбрака, У.​М.​Перцава, Ф.​П.​Шмыгава; у тэхн. персанал дэлегацыі ўвайшлі В.​І.​Фармашаў (кансультант), М.​Ц.​Лынькоў (карэспандэнт), М.​І.​Пятрова (перакладчыца), Несцерава (перакладчыца-стэнаграфістка). 8.5.1945 дэлегацыя БССР пачала працу і ўнесла ўклад у распрацоўку Статута ААН. Яго выпрацоўка ажыццяўлялася на падставе прапаноў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944, палажэнняў аб працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі ААН, узгодненых на Крымскай канферэнцыі («ялцінская формула»), дапаўненняў і паправак, прадстаўленых дзяржавамі — удзельніцамі С.-Ф.к. Дэлегацыя БССР выступала за права аднагалосся (вета) пастаянных членаў Савета Бяспекі, уключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў, забеспячэнні інтарэсаў калан. і залежных краін і інш. Па гэтых пытаннях у Статут унесены палажэнні, якія захоўвалі «ялцінскую формулу», уключалі СССР у склад Савета па апецы і закладалі палітыка-прававую аснову для антыкалан. дзейнасці, адкрывалі шлях у ААН толькі міралюбным дзяржавам. Было выпрацавана палажэнне, што Генеральная Асамблея ААН можа абмяркоўваць усе пытанні ў межах Статута ААН. 23.5.1945 на першай з часу стварэння ў 1919 Наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыі нарком замежных спраў Беларусі Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самаст. знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л. БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнароднага суда ААН і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. Апошняй належала ажыццявіць мерапрыемствы, звязаныя з пачаткам дзейнасці гал. органаў ААН (Ген. Асамблеі, Савета Бяспекі і інш.). 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ён набыў сілу. С.-Ф.к. — першы міжнар. форум 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове.

Літ.:

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг. Мн., 1994;

Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг. Мн., 1997.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 14, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)